ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ РАЗВЕ́ДВАЛЬНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ (ЦРУ; Central Intelligence Agency — CIA),

каардынуючы цэнтр цывільнай і ваен. разведкі, асноўны орган стратэг. разведкі ЗША, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на правах самаст. развед. ведамства. Створана ў 1947. Узначальвае дырэктар ЦРУ, які падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту ЗША. Пад яго кантролем распрацоўваецца бюджэт нац. разведкі, рыхтуецца важнейшая развед. інфармацыя для вышэйшага ваен.-паліт. кіраўніцтва краіны. ЦРУ налічвае 15—18 тыс. супрацоўнікаў у цэнтры, 4—5 тыс. за межамі краіны і тысячы агентаў унутры краіны; больш за 100 рэзідэнтур і рэгіянальных апорных цэнтраў за мяжой, а таксама шэраг аб’ектаў на тэр. ЗША. Гадавы бюджэт больш за 3 млрд. дол. Для вядзення разведкі ЦРУ апрача свайго апарата выкарыстоўвае прадстаўнікоў інш. ведамстваў і арг-цый, цесна супрацоўнічае з развед. службамі шэрагу інш. дзяржаў, найперш членаў блока НАТО.

Літ.:

ЦРУ глазами американцев: Сб. материалов зарубежной прессы. 2 изд. М., 1977;

Проблемы конституционализма. Вып. 6. Специальные службы в условиях конституционной демократии: Республика Беларусь и междунар. опыт. Мн., 1999.

т. 17, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)